История, традиции, достижения учреждения образования

История

Першы будынак школы быў пабудаваны на сродкі насельніцтва ў 1929 г. ў в. Падзерычы. У пачатковай школе займаліся 35 вучняў.

Першым настаўнікам быў Раецкі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы пачала працаваць сямігодка, першым дырэктарам якой быў І.Я.Аўчыннікаў, а з 1948 года – В.С.Вараб’ёў. У школе тады вучыліся 400 дзяцей у 3 змены.  Дзякуючы выдатным педагогам – Н.П.Вараб’ёвай, Г.А.Гундзіловіч, К.П.Аўчыннікавай, М.М.Дзятко, М.М.Высоцкай, веды і дысцыплінаванасць вучняў былі на высокім узроўні.

У 1954-1958 гадах дырэктарам школы працаваў М.Ф.Крокун, у 1958-80 гадах – С.І.Гундзіловіч (пры ім быў пабудаваны будынак школы). Па-новаму, на больш высокім узроўні пацякло жыццё школы пасля ўвядзення ў строй тыпавога будынка, пабудаванага хозспосабам па ініцыятыве старшыні калгаса Каробка К.А. і велізарнай працы дырэктара школы Гундзіловіча С.І.

У 1965 годзе школа была перанесена з в. Падзерычы у в. Любкаўшчына і стала васьмігодкай. З 1970 года Любкаўшчынская школа стала сярэдняй. Пры школе знаходзіўся лепшы ў раёне вучэбна-доследчы ўчастак, дзе вучні праводзілі практычныя работы па заданні Інстытута гародніна- і бульбаводства.  Кіравала доследчым участкам настаўніца біялогіі А.А.Гундзіловіч. За сваю працу яна была ўзнагароджана 2 Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі БССР.

У 1980-2017 гадах школу ўзначальвалі У.І.Тамілін, М.В.Кірпічоў, М.Ф.Шкляр, Т.М.Сахар.

З 10 снежня 2017 года дырэктарам школы з’яўляецца Крыкало Святлана Аляксандраўна.